Квэст-экспрэс “Сцежкамі паэта”

15.06.2020

                          Квэст-экспрэс “Сцежкамі паэта”

     Менавіта ў такім цікавым музейным мерапрыемстве пашанцавала  ўдзельнічаць дзетвары  з летняга прышкольнага аздараўленчага  лагера “Патрыёт”, які дзейнічае на базе  Пінкавіцкай сярэдняй  школы.   А як жа не наведаць Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа ў рамках Дня малой радзімы,  які быў запланаваны арганізатарамі адпачынку?  Тым больш, што вучні загадзя былі  ўпэўнены ў незвычайнасці і непаўторнасці  кожнай  музейнай экскурсіі.

Падрыхтаваны  квэст перасягнуў чаканні стомленых спякотай гасцей. Яны не толькі селі “ на лужок пад ліпкі”… Пад разгалістым дубам,  каля  па- дзявочаму прывабнай бярозкі , ля вуглаватых падлеткаў-клёнікаў у цянёчку-халадочку чакалі ўдзельнікаў гульні нязвыклыя для іх заданні.

Асаблівай папулярнасцю карысталася станцыя “Печкі-лавачкі”, дзе кожнаму  ўдзельніку гульні выпала магчымасць дастаць і засунуць у  імытыраваную печ гаршок.

Не толькі апрануцца ў колішняе адзенне , але і цікава яго прапіярыць патрабавала станцыя “Аб’ектыў-крэатыў”. Дэкарыраваныя  экспанатамі з “Сялянскай хаткі” музея фотаздымкі атрымаліся амаль тагачаснымі.

Яшчэ дзеткі перакладалі з рускай на беларускую мову назвы  прадметаў адзення.  Дарэчы, а  вы знойдзеце  рускія адпаведнікі словам  “кашуля, сукенка, каўнер” ? 

А на вяровачку з прышчэпкамі у  бэзавых кустах  чаплялі зусім не бялізну, а сладзенае з асобных літар імя ЯКУБ КОЛАС.

Сустрэліся ўсе тры каманды ў альтанцы на станцыі “Спявалкіна”,  дзе па добрай  традыцыі выконвалі любімую песню  настаўніка К.М.Міцкевіча  “ Чаму ж мне не пець…”. Народныя песні і песні  на словы славутага класіка суправаджалі ўвесь квэст, які смела можна назваць святам.

Патрэбна сказаць, поспех нашага мерапрыемства значна залежыў ад педагогаў школы, якія не толькі прывялі дзяцей,  але і актыўна  удзельнічалі ў квэсце. Гэта Гарковіч С.І. і Козіч Т. В.

P.S. Каб неяк выправадзіць дзяцей з музейнага двара прыйшлося  накіраваць іх да птушынага двухпавярховага  катэджа, які знаходзіцца непадалёку, і  з’яўляецца адным з аб’ектаў новай ніткі маршруту. Як даклалі вучні, ўжо трохпавярховага .

Нельга не сказаць, што дапамагалі мне  арганізаваць культурны адпачынак метадыст Вайцэховіч Г.В. і тэхработнік Гурына А.Л.

 

 Метадыст  ЦТДзіМ  Верыч Ж.Н.