Чэрвеньскія навіны з народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа

21.06.2019

Чэрвеньскія навіны з  народнага

літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа

                                      

Цікава, што адкрыццё летняга сезона ў нашым музеі супала з Міжнародным  днём абароны дзяцей.  1-га чэрвеня, з самага ранку, юныя экскурсаводы з гуртка “ГіД” сустракалі турыстаў з Брэсцкага раёна, вандроўку якім арганізавала турфірма “Глобус-К”.  Дарэчы, берасцейцы толькі за апошні час некалькі разоў радавалі нас сваімі візітамі.  Акрамя папулярнай “Квэст-гульні” гасцям была прапанавана экскурсія па вёсцы.

Уразіла  дзяцей наведванне  царквы  Пакрава Прэсвятой Багародзіцы і ўнікальнага прыдарожнага  крыжа.  У знак падзякі за палескае гасцепрыімства  экскурсанты пачаставалі “ГіДаўцаў” марожаным – лепшым ласункам у спякоту.

Квэст-гульня “Шляхамі Коласа” была прапанавана і дзецям з аздараўленчага лагера “Непаседы” пры Пінкавіцкай сярэдняй школе. Яны не думалі, што кожнае наведванне музея можа быць па-свойму цікавым і непаўторным. Асабліва  здзівіў дзетвару  “шматкватэрны птушыны катэдж”, які знаходзіцца  недалёка ад музея. Першы паверх збудавання насяляюць суятлівыя вераб’і. А на другім паверсе – сям’я павольных буслоў. Людзям бы павучыцца такой талерантнасці!

Не спяшалася дзетвара  пакідаць музей, бо іх чакала конкурсная праграма “Пяючыя Пінкавічы”. Утульная альтанка (беседка) змясціла ўсіх удзельнікаў.  Усю музычную апаратуру замяніла модная цяпер калонка. Спявалі  ўсе!

Кожны чацвер юныя экскурсаводы сустракалі дзяцей з лагера  новай экскурсійнай праграмай.  Наведвалі наш музей і вучні гарадскіх школ.

Бадай  самым адказным з мерапрыемстваў у музеі стала сустрэча дэлегацыі раённай сесіі Савета дэпутатаў начале са старшынёй райвыканкама  І.М.Брылевічам. Не сакрэт: рыхтаваліся старанна і загадзя. Дзеці віталі ганаровых гасцей на ганку музея  сваімі трапнымі  традыцыйнымі вершаванкамі:

-Прызнацца вам, такіх гасцей

Даўно не бачыў наш музей.

-Адчыняе дзверы Коласава хата,

Калі такія госці, для музея – свята!

Добрыя, шчырыя ўсмешкі на тварах прадстаўнікоў мясцовых улад даюць падставу зрабіць вынік: свята ўдалося!  А  ствараць добры настрой і нацыянальны каларыт дапамагаў мясцовы фальклорны  калектыў “Крыніцы”, з якім мы цесна супрацоўнічаем.

 Каб лета запомнілася не толькі аранжавым узроўнем  анамальнай спякоты, але і цікавымі падзеямі – наведвайце наш музей.

                                                                             Метадыст Жанна Верыч